Паважаныя бацькі,
прапануем Вам пачытаць сваім дзецям беларускія казкі
Пчала і муха
Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лятала, мёд зьбірала. А муха мёд толькі есьці любілі. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха ня хоча нават пераначаваць.
Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Кругом кветкі цьвітуць, шустрыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі сьпяваюць.
Задумалася муха: як добра на сьвеце жыць!
Думала-думала, ды задрамала.
А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне небарака.
Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу:
- Ах ты сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш!
- Выбачай, - сказала пчала. - Я шмат мёду нясу, дык і стагну.
- Ха-ха, - засьмяямлася муха, - шмат мёду нясеш, а сама, нябось, галодная: вунь якая худая - адны косьці...
- Праўда, - адказвае пчала, - мы, пчолы, зьбіраем пуды, а самі худы.
- А чаму ж вы худы? І мёд у вас, і вашчына ў вас...
- Дык жа мёд мы зьбіраем ня толькі для сябе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас.
- Чакай, чакай, - кажа муха, - я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна зьбіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем.
- Ат, - замахала крыльцамі пчала, - няма мне калі з табой гаманіць: трэба хутчэй дадому сьпяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць.
- А дзе возьмеш ты мядовую кашку?
- На сябе вязу.
- У чым?
- У вазку, у палазку і за пазушкай.
Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.
Як курачка пеўніка ратавала
Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча курачку:
— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку.
«Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам».
Праглынуў — ды і падавіўся.
Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае.
Падбегла да яго курачка:
— Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
— Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся…
— Як жа цябе ратаваць, Пеця? — пытаецца курачка.
— Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.
— А дзе яго дастаць?
— У каровы.
Пабегла курачка да каровы:
— Карова, карова, дай масла!
— Нашто табе масла?
— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
— Добра, — кажа карова, — дам я табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.
Прыйшла курачка да касцоў:
— Касцы, касцы, дайце сена!
— Нашто табе сена?
— Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Касцы кажуць:
— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ядзім, тады і сена накосім.
Прыйшла курачка да пекара:
— Пекар, пекар, дай пірагоў!
— Нашто табе пірагі?
— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Пекар кажа:
— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў.
Пекар напёк пірагоў.
Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена.
Прынесла курачка сена карове.
Карова з’ела сена і дала масла.
Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.
Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — маладзец!
Тут і казцы канец.